понедельник, 23 апреля 2007 г.

Аблачынкі

Аблачынкі плывуць па небу.
Усьміхаюцца сонцу, ветру.
Зіхацяць, нібы гурбы сьнегу,
Ў празрыста-блакітным паветры.

– Аблачынкі, куды ляціце? –
Пытаецца ў іх самалёцік,
– Вы мяне з сабою вазьміце.
Будзе вам весялей ў палёце.

– Мы ляцім у краіну–мару.
Беларусьсю яна завецца.
Дажджавыя шэрыя хмары
Не даюць ёй зь вясной сустрэцца.

У краіне змрочная восень
Уладарыць трынаццаты год.
Хаваюцца ў хмарах нябёсы
І хаваецца ў бульбу народ.

Нас паклікаў вершнік з Пагоні.
Злую восень мы пераможам!
Ветрык хмары ўмомант разгоніць.
Яму сонейка дапаможа.

Сьцяг Хрыста бел-чырвона-белы
Над краінаю залунае.
Беларусь будзе чыстай, белай.
Ажыве, вясну павітае.

На бялюткіх, як сьнег, аблоках
Паплывуць над зямлёй анёлы.
І будуць лятаць самалёты
Пад іхняй надзейнай аховай

У сіне-блакітных нябёсах
Над сьветлай краінаю–марай.
Бог даў нам шчасьлівыя лёсы.
Мы вызвалім край наш ад хмараў!

пятница, 6 апреля 2007 г.

Вожык

Жыў у лесе сьмешны вожык.
Звалі вожыка – Сярожа.
Быў падобны ён на ёлку,
Бо на ім расьлі іголкі.

Вожык быў працалюбівым,
Гаспадарлівым, руплівым.
Ў вёску кожны дзень хадзіў.
З ручайка вадзічку піў.

Зьбіраў яблычкі-ападкі
І адносіў іх у хатку.
Не любіў час марнаваць.
Ведаў – трэба працаваць

Летам, восеньню, вясною,
А адпачываць – зімою,
Калі лес засыпле сьнегам
І пахмурным стане неба.

Калі ўжо ня выйдзеш з норкі,
Не пабачысься з вавёркай,
Не наведаеш бабра, –
Вельмі сумная пара.

Калі трэба спаць... спаць... спаць...
І вясну у сьне чакаць.
Ўспамінаць сваіх сяброў
І сустрэцца зь імі зноў

У чароўным летнім садзе.
Іх завуць Кастусь і Ўладзя.
Хлопцы гэтыя – браты.
Любяць вожыка яны.

Запрашаюць у свой дом
І частуюць малачком,
Блінчыкамі зь яблыкамі,
Піражкамі зь ягадкамі.

Ёсьць у доме тым канапа.
Сьпіць на ёй бабуля Капа.
Пад канапаю, у цемры
Адпачыць заўжды прыемна.

Любіць вожык днём паспаць,
А ўначы шпацыраваць
Па бабуліным пакоі, –
Не дае старой спакою.

Стукае ды грукае.
Па падлозе тупае
Маленькімі лапкамі.
Гуляецца з тапкамі.

Суне носік свой паўсюль.
Лезе ў бабцін рыдыкюль.
Што жа ў ім яна хавае?
Нешта там блішчыць ды зьзяе...

Ўлез – і бачыць: ён жа ў норцы...
Зазірае ў норку сонца.
Птушкі весела шчабечуць.
Ў норцы цёпла, як у печы.

Пахне кветкамі, травою,
Чмель гудзе над галавою.
Вожык вушкі навастрыў.
Лапкамі паварушыў.

Фыркнуў, глянуў на жывоцік.
Пазяхнуў, пачухаў носік.
Ой..., прачнуўся ён... Ура!
Зноўку ў лес прыйшла вясна!

Вожыкі, ўставайце!
З норак выбягайце!
Працу пачынайце!
Вясну сустракайце!

среда, 21 марта 2007 г.

Малітва

Гэты верш быў напісаны пад час малітвы ля ганку касьцёла Сьв.Язэпа. У той дзень у Менску была сапраўдная зіма.

Не сьціхае шалёны вецер
Каля сьценаў старога касьцёла,
А самотная сьвечка сьвеціць
На сумёты агеньчыкам кволым.

Льюцца сьпевы, гучаць малітвы,
Ціха звоняць званы двух Катэдраў.
Атуляе ноч аксамітам
Верхні Горад, Нямігу, праспэкты.

Над краінай ляціць Пагоня
Разам з хмарамі, ветрам ды сьнегам.
І уносяць белыя коні
Сьмелых вершнікаў ў зорнае неба.

Пад штандар бел-чырвона-белы
Запрашае Ісус беларусаў.
Памажы мне, Божа, быць сьмелай,
Быць свабоднай ад страхаў, спакусаў.

На ружанец падаюць сьлёзы.
Расьцьвітаюць, нібы лілеі,
У душы, не кранутай марозам,
Вера ў Бога, Любоў і Надзея.

воскресенье, 11 марта 2007 г.

Лесавік

Прыбыў ў Вязынку цягнік.
Зь яго выйшаў Лесавік.
Езьдзіў ў Менск ён за абуткам,
Бо настане восень хутка.

Не хадзіць жа яму босым
Ды ўсю восень хлюпаць носам.
Ён набыў у Менску боты.
Заўтра пойдзе на балота.

Назьбірае там дурніцаў,
Зёлак лекавых, чарніцаў.
Прыгатуе канфітуры –
Не псуюць яны фігуры.

Зварыць смачную гарбату
І запросіць нас у хату.
Пачастуе калдунамі,
Цэпелінамі, грыбамі.

Крупнікам, канапкамі,
Маньнікам, аладкамі.
Віленскімі пернічкамі,
Менскімі цукерачкамі.

Белых козачак падоіць.
Дзетак малачком напоіць.
Дасьць скарынку хлеба мышкам,
Каб яны ня елі кніжкі.

Грамафончык завядзе.
Кошыкі для нас спляце.
Файна полечку станцуе.
Паням ручкі пацалуе.

А калі надыйдзе вечар,
Ён запаліць ў хаце сьвечы.
Дзетак спаткі пакладзе.
Казку ім распавядзе.

Добрай ночы пажадае.
Калыханку засьпявае.
Выйдзе ціхенька на ганак,
Каб не прапусьціць сьвітанак.

Возьме скрыпачку з сабою.
Паплыве над навакольлем
Музыка цудоўная,
Сьветлая, чароўная.

Будуць слухаюць яе зоркі,
Туманы, лясы, пагоркі...
Ночка хутка праляціць.
Сонейка зазіхаціць.

Дзеткам трэба ў Менск вяртацца.
Ах, як цяжка расставацца
Зь Вязынкай, Лесавічком,
Лесам, рэчкай, цягнічком.

Але не сумуйце, дзеці.
Зноў у Вязынку прыедзем
Мы ў наступную суботу.
Адпачнем крыху, а потым

Распакуем нашы клункі,
Падрыхтуем падарункі
І Лесавічка запросім
Да нас на лецішча ў госьці.

Калісьці мяне вельмі ўразілі карціны Уладзімера Голуба. Нагледзелася на ягонага Лесавіка, і рыфмаванка сама сабою склалася :)

вторник, 31 октября 2006 г.

Віншаваньне ад Анёла

Я лятаю сярод аблачынак,

Я сягоньня самы шчасьлівы,

Бо зрабіў вельмі добры учынак –

Падпісаўся на “Нашу Ніву”!


Два Андрэі, Арцём і Наста !

Серж Харэўскі – знаны вандроўнік!

Няхай кожнага з вас, спадарства,

Беражэ ваш Анёл-Ахоўнік.


Уладкуюся на аблачынцы,

Пачытаю “Газэтку дзеткам”.

Усьміхнуся маленькай дзяўчынцы –

І яна чытаю “Газэтку”.


Абмяркую з гарэзай ветрам

Камэнтары, артыкулы, пошту.

Пажадаю табе, Газэта,

Быць заўсёды цікавай і гожай.


Са 100-годзьдзем цябе, “Наша Ніва”,

Толькі разам хлусьню пераможам!

Праўду, Свабоду і Справядлівасьць

Нам Сам Бог адстаяць дапаможа!


Анёл