У краме сталічнай “Прырода”
Прыкольны жыве хамячок.
Ён любіць экстрым і прыгоды,
Махеравы мае бачок,
Бліскучыя пацеркі-вочкі,
Жывоцік бялюткі, як сьнег.
Ён добры, пушысты, харошы,
Ён сябра шукае сабе.
Мой дружа, мо ты адгукнесься
І ў дом свой запросіш зьвярка?
Ён з радасьцю ў ім застанецца,
Ён на'т не збаіцца ката.
У краму прыходзь разам з татам
І сябра свайго забірай.
Нясі прыгажунчыка ў хату
Ды хуценька есьці давай.
Частуй яго семкамі, морквай,
Арэшкамі і тваражком.
Засьвецяцца вочкі, бы’ зоркі,
Напоўніцца радасьцю дом.
...Вось рыпнулі дзьверы... – то мама
Вярнулася з працы дамоў,
А ў доме хамяк... – гэта ж драма!
– Далоў “супастата”! Далоў!
– Бясхвостая, брыдкая мышка!
Ты нам не патрэбна зусім!
Чаго паглядаеш на кніжкі?
Вяртайся назад ў магазін!
…З маленькіх ружовенькіх лапак
На стол паляцеў тваражок,
Арэшак уцёк пад канапу
Ды выпалі семкі з-за шчок…
Нясмачнай зрабілася морква.
Маркотна было на душы.
А вочкі, што зьзялі, як зоркі,
Патухлі, бы’ зьнічкі ўначы.
Ды раптам шкада стала маме
Махеравага хамячка.
– Ну, добра, жыві разам з намі, –
Нарэшце сказала яна.
– Падобны ты на чалавечка,
Маленечкі толькі зусім.
Цябе палюбіў наш Алешка.
Табе будзе весела зь ім…
… У хаце малечы Алешкі
Прыкольны жыве хамячок.
Ён любіць экстрым і арэшкі,
Махеравы мае бачок,
Бліскучыя чорныя вочкі,
Жывоцік бялюткі, як сьнег.
Ён добры, вясёлы, прыгожы.
Ён сябра знайшоў ўжо сабе!
воскресенье, 9 марта 2008 г.
Махеравы хамячок
Подписаться на:
Сообщения (Atom)