понедельник, 23 апреля 2007 г.

Аблачынкі

Аблачынкі плывуць па небу.
Усьміхаюцца сонцу, ветру.
Зіхацяць, нібы гурбы сьнегу,
Ў празрыста-блакітным паветры.

– Аблачынкі, куды ляціце? –
Пытаецца ў іх самалёцік,
– Вы мяне з сабою вазьміце.
Будзе вам весялей ў палёце.

– Мы ляцім у краіну–мару.
Беларусьсю яна завецца.
Дажджавыя шэрыя хмары
Не даюць ёй зь вясной сустрэцца.

У краіне змрочная восень
Уладарыць трынаццаты год.
Хаваюцца ў хмарах нябёсы
І хаваецца ў бульбу народ.

Нас паклікаў вершнік з Пагоні.
Злую восень мы пераможам!
Ветрык хмары ўмомант разгоніць.
Яму сонейка дапаможа.

Сьцяг Хрыста бел-чырвона-белы
Над краінаю залунае.
Беларусь будзе чыстай, белай.
Ажыве, вясну павітае.

На бялюткіх, як сьнег, аблоках
Паплывуць над зямлёй анёлы.
І будуць лятаць самалёты
Пад іхняй надзейнай аховай

У сіне-блакітных нябёсах
Над сьветлай краінаю–марай.
Бог даў нам шчасьлівыя лёсы.
Мы вызвалім край наш ад хмараў!

пятница, 6 апреля 2007 г.

Вожык

Жыў у лесе сьмешны вожык.
Звалі вожыка – Сярожа.
Быў падобны ён на ёлку,
Бо на ім расьлі іголкі.

Вожык быў працалюбівым,
Гаспадарлівым, руплівым.
Ў вёску кожны дзень хадзіў.
З ручайка вадзічку піў.

Зьбіраў яблычкі-ападкі
І адносіў іх у хатку.
Не любіў час марнаваць.
Ведаў – трэба працаваць

Летам, восеньню, вясною,
А адпачываць – зімою,
Калі лес засыпле сьнегам
І пахмурным стане неба.

Калі ўжо ня выйдзеш з норкі,
Не пабачысься з вавёркай,
Не наведаеш бабра, –
Вельмі сумная пара.

Калі трэба спаць... спаць... спаць...
І вясну у сьне чакаць.
Ўспамінаць сваіх сяброў
І сустрэцца зь імі зноў

У чароўным летнім садзе.
Іх завуць Кастусь і Ўладзя.
Хлопцы гэтыя – браты.
Любяць вожыка яны.

Запрашаюць у свой дом
І частуюць малачком,
Блінчыкамі зь яблыкамі,
Піражкамі зь ягадкамі.

Ёсьць у доме тым канапа.
Сьпіць на ёй бабуля Капа.
Пад канапаю, у цемры
Адпачыць заўжды прыемна.

Любіць вожык днём паспаць,
А ўначы шпацыраваць
Па бабуліным пакоі, –
Не дае старой спакою.

Стукае ды грукае.
Па падлозе тупае
Маленькімі лапкамі.
Гуляецца з тапкамі.

Суне носік свой паўсюль.
Лезе ў бабцін рыдыкюль.
Што жа ў ім яна хавае?
Нешта там блішчыць ды зьзяе...

Ўлез – і бачыць: ён жа ў норцы...
Зазірае ў норку сонца.
Птушкі весела шчабечуць.
Ў норцы цёпла, як у печы.

Пахне кветкамі, травою,
Чмель гудзе над галавою.
Вожык вушкі навастрыў.
Лапкамі паварушыў.

Фыркнуў, глянуў на жывоцік.
Пазяхнуў, пачухаў носік.
Ой..., прачнуўся ён... Ура!
Зноўку ў лес прыйшла вясна!

Вожыкі, ўставайце!
З норак выбягайце!
Працу пачынайце!
Вясну сустракайце!