Сьпіць летуценьнік вецер
Ў срэбных таполевых лісьцях.
Зоркі люляюць месяц
У аблачынцы-калысцы.
Моўчкі плывуць над вадой
Сны, захінуўшыся ў цемру.
Ў вежы бажніцы старой
Ноч аксамітная дрэмле.
Соннага возера хвалі
Цішу начную калышуць.
Лета ў бярозавым гаі
Казкі чароўныя піша.
Крылцы начных матылькоў
Зьзяюць ў імжыстым паветры.
Рыбкі плывуць да чаўноў...
Кася, дзяўчыначка, дзе ты?
Ня вянуць ў тваіх валасох
Гарлачыкі і лілеі.
Ў празрыста-зялёных вачох
Віры, туманы, завеі...
Завеі зь пялёсткаў кветак,
Зь ядвабных траваў і зёлак.
Віры са смарагдаў лета,
З чысьцюткай вады азёрнай.
Туманныя таямніцы
З надзеяў сьветлых і мараў.
Са срэбра звонкіх крыніцаў,
З паветра вольных абшараў.
У голасе шум дажджоў
І сьпевы цёплага ветру...
Вось нехта кліча ізноў:
“Красуня, Касечка, дзе ты?”
Можа мне гэта сьніцца...
Пэўна ўжо час прачынацца...
Ў вежы старой бажніцы
Ціхенька моліцца Каця:
“Сьвятая Панна Марыя,
Ўладарка нашых азёраў,
Апекай сваёй укрый нас
Ад страхаў, спакусаў, гора...”
У доўгіх льняных валасох
Заблыталіся лілеі.
Мігцяць у зялёных вачох
Іскрынкі сьлёзаў надзеі.
Ў рукох дагарае сьвечка
І гаснуць у небе зоры,
А вусны ціхутка шэпчуць:
“Вітай, Уладарка азёраў...”