среда, 21 марта 2007 г.

Малітва

Гэты верш быў напісаны пад час малітвы ля ганку касьцёла Сьв.Язэпа. У той дзень у Менску была сапраўдная зіма.

Не сьціхае шалёны вецер
Каля сьценаў старога касьцёла,
А самотная сьвечка сьвеціць
На сумёты агеньчыкам кволым.

Льюцца сьпевы, гучаць малітвы,
Ціха звоняць званы двух Катэдраў.
Атуляе ноч аксамітам
Верхні Горад, Нямігу, праспэкты.

Над краінай ляціць Пагоня
Разам з хмарамі, ветрам ды сьнегам.
І уносяць белыя коні
Сьмелых вершнікаў ў зорнае неба.

Пад штандар бел-чырвона-белы
Запрашае Ісус беларусаў.
Памажы мне, Божа, быць сьмелай,
Быць свабоднай ад страхаў, спакусаў.

На ружанец падаюць сьлёзы.
Расьцьвітаюць, нібы лілеі,
У душы, не кранутай марозам,
Вера ў Бога, Любоў і Надзея.

Комментариев нет:

Отправить комментарий