воскресенье, 11 марта 2007 г.

Лесавік

Прыбыў ў Вязынку цягнік.
Зь яго выйшаў Лесавік.
Езьдзіў ў Менск ён за абуткам,
Бо настане восень хутка.

Не хадзіць жа яму босым
Ды ўсю восень хлюпаць носам.
Ён набыў у Менску боты.
Заўтра пойдзе на балота.

Назьбірае там дурніцаў,
Зёлак лекавых, чарніцаў.
Прыгатуе канфітуры –
Не псуюць яны фігуры.

Зварыць смачную гарбату
І запросіць нас у хату.
Пачастуе калдунамі,
Цэпелінамі, грыбамі.

Крупнікам, канапкамі,
Маньнікам, аладкамі.
Віленскімі пернічкамі,
Менскімі цукерачкамі.

Белых козачак падоіць.
Дзетак малачком напоіць.
Дасьць скарынку хлеба мышкам,
Каб яны ня елі кніжкі.

Грамафончык завядзе.
Кошыкі для нас спляце.
Файна полечку станцуе.
Паням ручкі пацалуе.

А калі надыйдзе вечар,
Ён запаліць ў хаце сьвечы.
Дзетак спаткі пакладзе.
Казку ім распавядзе.

Добрай ночы пажадае.
Калыханку засьпявае.
Выйдзе ціхенька на ганак,
Каб не прапусьціць сьвітанак.

Возьме скрыпачку з сабою.
Паплыве над навакольлем
Музыка цудоўная,
Сьветлая, чароўная.

Будуць слухаюць яе зоркі,
Туманы, лясы, пагоркі...
Ночка хутка праляціць.
Сонейка зазіхаціць.

Дзеткам трэба ў Менск вяртацца.
Ах, як цяжка расставацца
Зь Вязынкай, Лесавічком,
Лесам, рэчкай, цягнічком.

Але не сумуйце, дзеці.
Зноў у Вязынку прыедзем
Мы ў наступную суботу.
Адпачнем крыху, а потым

Распакуем нашы клункі,
Падрыхтуем падарункі
І Лесавічка запросім
Да нас на лецішча ў госьці.

Калісьці мяне вельмі ўразілі карціны Уладзімера Голуба. Нагледзелася на ягонага Лесавіка, і рыфмаванка сама сабою склалася :)

Комментариев нет:

Отправить комментарий